Рускамоўная дзяўчына, школьны псіхолаг, вельмі хацела ў беларускую газету напісаць. І напісала. А газета з парад псіхолага мала што разумела. Напрыклад: “Па гушчары з дзецьмі гуляйце...”. Пакуль газета не дапякла, што трэба: “Часцей з дзецьмі гуляйце”. Так нейкі белазар дапамог аўтарцы перакласці рускую фразу “Почаще с детьми…»
А так псіхолаг нічога. Пасябравала з газетай.
Раззбраенне літоўскага атрада
– А ў партызанцы вы не ваявалі? Толькі ўступілі?...– Ваяваць та я з нікім не ваяваў. Толька помню… Куцевічы вёска. Але там і пры Польшчы была гміна, і пры немцах гміна. Невялікая вёсачка Куцевічы. Гэта каля Барун. З Ашмян едучы на Баруны. І там стаялі літоўскія. Аддзел міліцыі, як ён там не помню называўся. І нам была задача раззброіць іх. Мы напалі і раззбраялі іх. Яны не адбіваліся. Далі каманду. Усё злажылі аруж'я. І раздзелі мы іх дагала...
Усё прачытаць (і паслухаць) можна тут:
З успамінаў ветэрана АК Юзэфа Грыньчука
І даў тут канцэрт. Амерыканскага спевака падтрымаў Зміцер Бартосік.
Фота Валера Трацяка.
-- Тут у нас, пэўна, лепшая зямля, -- смяюцца суседкі. -- Надумаліся ў такім задрыпаным месцы станцыю ставіць. Але гэта зразумела. Калі станцыя такая врэдная - яе толькі і ставіць каля старых, каб скарэй кончыліся. Начальнікі ж сабе пад бок не паставяць.
Уся публікацыя Святланы Станкевіч і Андрэя Рогача з наваколля будучай АЭС ТУТ.
Так выглядае сёння дарога да АЭС у Астравецкім раёне.
Больш фота Анрэя Рогача на сайце rh.by
-- Ну не размахвай рукамі! Вазьміся за руль!
А як тады яна мяне зразумее?
Больш падрабязна тут:
Стыхія спорту не зашкодзіць
Піў сёння гарбату, завараную з зёлак, што жонка мая збірае. І задумаўся сам сабе. Чаму карова да 100 год не жыве?
Вось мы дзеля чаго травы-кветачкі запарваем?
Дзеля эканоміі. Гэта раз. У краме чай не трэ будзе купляць.
Дзеля смаку. Ну што тут патлумачыш!
Дзеля здароўя. Каб да 100 гадоў дажыць.
І працягваю я сам сабе думаць. Вось суседская кароўка ў Плікавічах, там дзе дача нашая, яна зёлкі кожны дзень жуе. І зверабой, святаяннік па-нашаму, і маць і мачаху, і падарожнік, і бярозку абламала па вясне, усю абгрызла. А да 100 гадоў, халера, яшчэ ніводная не дажыла!
Вось я пытанне гэта і задаў сваёй Ніне: чаму, маўляў, карова ўсе зёлкі паела навокал, а да 100 гадоў усё адно не дацяге?
– А гліснік яны ядуць, каровы? – перапытала жонка. – Не. Смярдзючы таму што. Вось да 100 і не дацягваюць.
Уся справа ў глісніку. Дробненькіх жоўценькіх кветачках. Ведалі б пра гэта каровы.
У дагістарычныя яшчэ часы, калі я працаваў у газеце з іскрыстай назвай “Святло камунізму”, надарыўся тэлефонны дыялог з чытачом.
– “Святло камунізму”?
– Так.
– У мяне такая праблема, –суразмоўца дзеліцца сваімі чыста прыватнымі клопатамі, з якімі звяртацца трэ хіба што да псіхолага. – І што вы мне скажаце?
– Ну, – зніякавеў я, не разумеючы, чым заслужыў такі гонар выслухоўваць споведзі, – а чым я вам змагу дапамагчы?
– Ну пасаветавайце, што мне рабіць.
– Дык я не вазьму на сябе гэту смеласць.
– А куды я званю?
– У газету.
– А ў які аддзел?
– У аддзел Саветаў,– я на нейкі час замяшчаў намесніка рэдактара Славу Міронаву, адначасова загадчыцу аддзела Саветаў, г.зн. аддзел “САВЕЦКАЙ РАБОТЫ”.
– Ну дык я і прашу, пасаветавайце мне што-небудзь.
Цяпер, калі я працую ў “Рэгіянальнай газеце”, гэты выпадак згадваю з усмешкай. Адно, перажываю, што чалавеку так нічога і не парадзіў. Малады яшчэ быў.
– А, да-да, помню. Так із какого вы колхоза? – прапытаў мяне, тады яшчэ маладога газетчыка, журналіста мясцовага выдання, у калідоры завода лёгкіх металаканструкцый намеснік дырэктара Іван Журыха.
– Ніколі не прамоўлю больш назву свайго выдання, – падумаў я сам сабе.
Справа ў тым, што незадоўга перад гэтым я патэлефанаваў Івану Журыху:
– Іван Іванавіч, гэта Манцэвіч са “Святла камунізму”. Ці магу я з вамі сустрэцца?
– Какіе могут быть вопросы. Сегодня я на заводе.
Можна толькі здагадвацца, колькі падобных сітуацый магло здарыцца, ды і задаралася ў той час, калі “Запаветамі Ільіча”, “Чырвонымі зоркамі”, “Шляхамі Перамогі”, “Сцягамі Леніна” і “Ленінскімі клічамі” называліся не толькі калгасы, а і раёнкі. Нешматлікія выданні мелі шчасце на слова “газета” ў лагатыпе: “Настаўніцкая газета”, ды, мабыць, і ўсё.
Калі ў Маладзечна прыйшоў час пераменаў, калі праспект Леніна стаў Вялікім Гасцінцам, а плошча імя правадыра стала Цэнтральнай плошчай, вуліца Савецкая стала Віленскай, і назаўсёды ў нябыт сышло словазлучэнне “Тупік Пушкіна” (!), калектыў “Святла камунізму” таксама захацеў пераменаў. І мы скарысталі цудоўную магчымасць. Разумны чалавек, рэдактар Аляксандр Хазянін, не стаў гэта рабіць кулуарна і без “народу”. Абвесцілі конкурс.
– Але чаму не назваць газету газетай, ды і Маладзечанскай? – спытаўся я ў калег. Усё ў назве зразумела. Газета з Маладзечна.
– Ну ты, Манцэвіч, даеш. Столькі назваў прыгожых ёсць: “Крыніца”, “Раніца”, “Родны край” – парыраваў Валеры Маркелаў, паэт з цудоўным адчуваннем слова. – Людзям прыемна будзе разгарнуць такое выданне. Сваё, роднае, беларускае.
Ну што я мог супраць Маркелава з яго паэтычным аўтарытэтам? Адчуваў, што гэта апошні шанец зрабіць нешта правільнае з назвай – газета ішла да перарэгістрацыі. І тут згадаў той выпадак на заводзе. Гэтага аргумента было дастаткова.
“Маладзечанская газета” стала першай газетай ў Беларусі, у назве якой спалучылася назва горада і слова “газета”. Ужо пасля з’явіліся “Аршанская газета”, “Лідская газета”, “Веснікі”, “Кур’еры” і “Панарамы”.
Сёння раніцай я быў на ўрачыстым сходзе ў сваіх калег ў рэдакцыі “Маладзечанскай газеты”. 70 год выданню, пра якое многія газетчыкі, і не толькі дзяржаўных выданняў, могуць сказаць: “Тут я чамусьці навучыўся”. І пасля, за кубачкам чаю, мы прыгадалі гэту гісторыю, як газета назву мяняла.
Прайшло нямала часу. У маім жыцці з’явіўся другі праект: “Рэгіянальная газета”. Гэта ўжо крыху іншая гісторыя. Але я заўсёды ўдзячны Івану Іванавічу Журыху, які ў мяне некалі спытаўся: Так із какого вы колхоза?
З усмешкай ваш
А.М.
Тут, у наваколлі Занарачы, у сакавіку 1916 года адбыліся жорсткія баі паміж рускімі германскімі войскамі. Лінія фронту праходзіла прыкладна па месцы гэтай дарогі са Стахоўцаў на Занарач і далей праз возера Нарач (на гарызонце). Сёння тая лінія фронту падзяліла месцы спачыну нямецкіх салдат на поўначы ад яе і расійскіх – на поўдні.
У сакавіку падчас такзванай Нарачанскай аперацыі расійская армія страціла каля 100 тысяч салдат і афіцэраў. Германія -- ад 30 да 40 тысяч. Як піша ў сваёй кнізе "Нарочанское эхо Вердена" мядзельскі краязнаўца Генадзь Малышаў, у момант спынення сакавіцкага наступлення 5000 трупаў было знята [расійцамі] з дацяных загародаў.
Ці супакоіліся ахвяры той вайны на нашай зямлі?
Мястэчка Кабыльнік (афіцыйна -- в. Нарач). На могілках, дзе пахаваны немцы, ахвяры Першай сусветнай вайны.
Магіла Івана Папова. Адзіны воін расійскай арміі, імя якога нанесена на бетонным крыжы, сярод помнікаў нямецкім салдатам. Кабыльнік.
На могілках у Проньках пахаваныя нямецкія салдаты. На жаль, гэтага нельга сказаць аб расійскіх салдатах, якія загінулі ў Нарачанскай аперацыі.
У Княгініне, на месцы пахавання больш за 2500 салдат расійскай арміі, мабыць, самым буйным вайсковым некропалі ў Беларусі, ёсць помнік ахвярам вайны. Тэрыторыя ж могілак зарасла бур’яном, на ёй стаіць сметніца з табліцай: “Временная площадка для хранения отходов”.
Жыхар Мядзела Антон Бяляўскі сваім коштам ўстанавіў гэты помнік на брацкай магіле расійскіх воінаў у вёсцы Баяры паблізу Мядзела.
Нямецкі дот ля вёскі Целякі.
Ірына Згрундо (Згрунда) з Жодзіна піша ў “Рэгіянальнай газеце” пра тое, што ў вёсцы Аляксандраўка Омскай вобласці Расіі жывуць цёзкі па прозвішчы нашых землякоў-віляйчан: Згрунды, Шорацы, Сіўцы, Гілі, Касякі, Сінкевічы, Пяпелкі. Тайна такога супадзення раскрываецца вельмі проста, расказвае спадарыня Ірына:
“…У канцы ХIХ ст. у выніку спрашчэння расійскага заканадаўства, якое рэгулявала працэс перасялення беларускіх сялян у Сібір і іншыя рэгіёны Расіі, усё актыўней выязджалі малазямельныя і беззямельныя сяляне з родных мясцін у пошуках зямлі і долі. Былі сярод іх і перасяленцы з Вілейскага краю. Ехалі яны вялікімі сем’ямі. Ехалі праз Табольск. Атрымалі накіраванне ў Тарскі ўезд Омскай губерніі (сёння Каласоўскі раён). Там і пасяліліся сваёй “беларускай” вёскай, і тую беларускасць здолелі захаваць і па сённяшні дзень”.
Вядома, што Шорацы прыехалі з вёскі Іжа, напрыклад, Згрунды са Сцебяракаў. Ці ў Сіўцах, ці ў Сцебяраках, ці яшчэ дзе паблізу жылі Гілі і Касякі.
Мянушка і прозвішча
Цікава, а ці прывезлі беларускія перасяленцы за сабой у Аляксандраўку і ў іншыя вёскі Сібіры свае мянушкі? Пераязджалі ж, па сведчанні аўтаркі артыкула, вялікімі сем’ямі. І сусед суседа, мабыць, не перастаў клікаць па мянушцы толькі таму, што месца жыхарства памянялі.
Мянушкі – цэлы пласт мясцовай і недаследаванай культуры. Без мянушак проста немагчыма было жыць там, дзе шмат цёзкаў па прозвішчы. Паспрабуй у Іжы якога Місюля назваць проста Місюлём! Пра каго ідзе гаворка? Але тут ёсць Місюлькі, Кіберавы, Данілавы – і ўсё гаворка пра людзей з аднолькавым прозвішчам у пашпарце – Місюль. Там дзе прозвішча не можа выканаць функцыю ідэнтыфікацыі, яе пачынае выконваць мянушка. Без мянушак проста немагчыма было жыць там, дзе шмат цёзкаў па прозвішчы.
Прыехаў з суседніх Каралеўцаў у Іжу чалавек з сям’ёй. Ну і хто там акрамя паштаркі ці канторскай бухгалтаркі ведае, што ён Занкавіч. У Каралеўцах, калі ведаеш, Занкавічы праз аднаго. Вось Дзедушкам і застаўся. І на дзяцей мянушка перадалася. Дзедушкі, Дзедушкавы… Адразу зразумела, пра каго гаворка.
Мянушкі – сведчанне канфесійнай прыналежнасці
У спрэс праваслаўнай вёсцы Іжа сустракаем мянушкі Тодаравы, Габрыэлевы і да т.п. Многія іжане сёння і не ведаюць, што сяло да сярэдзіны 19-га стагоддзя, як і большасць сённяшніх праваслаўных паселішчаў нашага краю, былі грэка-каталіцкімі, уніяцкімі. А вось мянушкі праз свой імёнаслоў на гэта не забыліся.
Мянушка і час. Новатворы
Паваенны час узбагаціў слоўнік мянушак у Іжы. Да польскага часу Солтысаў, напрыклад, дадаліся Дэпутаты, Гастэлы, Ляснічыя…
Пётра (брат маёй бабулі Волькі) прыйшоўшы з вайны з партызанаў, нападпітку часам любіў сябе біць у грудзі, прыгаворваючы: "Я герой, я – Гастэла!" Ад таго і пайшла тая мянушка ў дадатак да Пецька Беленькі. І калі ўсе яго браты і сёстры засталіся проста Беленькімі, то Пётра (Пецька) і яго дзеці ад таго часу сталі яшчэ і Гастэламі або (дзеці) Гастэлавымі.
Пецька Аграномчык. Ну быў, магчыма, аграном Пецька, а накіравалі ў калгас маладога спецыяліста. Трэба неяк адрозніць іх. Вось і нарадзілася новая мянушка.
На мянушкі ніхто, мабыць, не крыўдуе. Ва ўсякім разе я ў гэта вельмі хачу верыць. Як можна крыўдаваць на прозвішча і імя? Ну, гэта дакладна ў тым выпадку, калі з мянушкай нараджаешся. Вот ёсць у Іжы мянушка Піздзеравы ці Піздзерчыкі. І ўсё тут. Нічога не зробіш, калі твой пра-, пра-прадзед, вярнуўшыся у рэвалюцыйны час са сталіцы Расіі на пытанне: Адкуль ты прыехаў? адказваў: З Піздзера! Дэфект мовы чалавек меў. За тое і перахрысцілі яго ў Піздзера.
Пра мянушкі самага-самага апошняга часу, якія з’явіліся ў Іжы, не ведаю. Трэба параспытваць у сваякоў. Магу толькі дапусціць, што з’явіліся, напрыклад, свае Прэзідэнты, Чубайсы-Шэйманы, БэНэЭфы (Грыша БэНэЭф), Рыэлтары, Мянты, Рабыні Ізаўры ці Бумеры, Абамы, Качыньскія. Не здзіўлюся, калі назва экзатычнага некалі фрукта, сёння таксама стане мянушкай. Ну, напрыклад, Ганна Авакада, ці Васька Ківі. А як вам Сярожа Ролтан? І зразумела, і на эўрапейскі, як бы мовіць, манер!
Калі мянушкі збыткоўныя
Прыехаў па вайне ў Іжу доктар-ветэрынар Уладзімір Мартынавіч Міргалоўскі. За ім – яго брат, таксама ветырынар, Мікалай. Абжыліся, завялі свае сем’і. І засталіся проста Міргалоўскімі. Няма цёзкаў, няма неабходнасці дадатковай ідэнтыфікацыі.
Параска Ускова і яе сын Іван перабраліся ў Іжу пасля вайны. Усковы былі адны на Іжу. Навошта тут мянушка? Старая Параска памерла. Іван, інвалід ад нараджэння, дзесьці ў багадзельні… Так і пражылі без мянушкі.
Іжы той ужо няма. Прыезджых, мабыць, больш за карэнных жыхароў. Старыя мянушкі забываюцца. Праўда, з'яўляюцца новыя. Аднаго шкада, што мы ніяк спецыяльна пісьмова не фіксуем гэтыя атрыбуты нефармальных людскіх зносін. Пройдзе час, і большасць з іх проста забудуцца, выцесняцца іншымі, і знікнуць.
Наша родная (без іроніі) Сібір
У кантэксце Сцебяракі (Вілейшчына) – Аляксандраўка (Каласоўскі раён). Магчыма там, у Сібіры, акрамя прозвішчаў, людзі захоўваюць памяць і пра тыя вясковыя мянушкі, якія яны за сабой прывезлі? Гэта было б яшчэ адным, недакументальным, сведчаннем повязі. Ці можа хто пра гэта расказаць?
Звесткі, якія я знайшоў у артыкуле Ірыны Згрунды, падштурхнулі да таго, каб пашукаць іншых землякоў у Аляксандраўцы. Зрабіў вельмі проста. Набраў у Гуглі адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў у Іжы Місюль (прозвішча маёй мамы ў дзявоцтве) па-руску, і слова "Колосовский". И знайшоў не толькі звесткі пра Місюлёў, але і пра іншых, хутчэй за ўсё нашых землякоў, з прозвішчам Селюн (Сялюн). (http://216.239.59.104/search?q=cache:H5
Мяркую, што тэлефонны даведнік Каласоўскага раёна можа расказаць яшчэ больш. Але, на вялікі жаль, графы “Мянушка абанента” там не знойдзеш.
Я бачыў Беларусь
З гэтай гары я бачыў Беларусь. Беларусь была палоскай сіняга лесу ўдалечыні. Там, адкуль прылятаюць буслы. На мабільніку высвечвалася назва бліжэйшага беларускага горада Вялікая Бераставіца. Хлопчык Куба перабіраў пальцамі каменьчыкі. Леснікі слухалі сумесную экуменічную імшу мясцовага ксяндза-дэкана і праваслаўнага святара айца Аляксандра Клімука.
Леснікі рыхтаваліся да свайго свята.
Пасля ў лесе загучалі беларускія, польскія ды ўкраінскія песні і неспадзявана прыйшло свята агню. Гэта было 16 чэрвеня ў ваколіцах вёскі Крушыняны Сакольскага павету. Вёскі, дзе размаўляюць “па-нашаму” і спяваюць беларускія песні.
10 чэрвеня насустрач водным пілігрымам берагам, схаваўшы заплечнік у кустоўі, рушыў Сяргей Глоба. Ён прыехаў у Залессе з Вілейкі ранішнімі цягнікамі, зрабіўшы перасадку ў Маладзечне. Карацей, каб не Сяргей, якому вельмі хацелася вярнуць сабе свой рукзак, турысты б нізашто не патрапілі на вызначанае на карце месца. Але Глоба не даў ім прамазаць. Не ведаю, ці па ранейшай дамоўленасці, ці за лоцманскія заслугі, Глобу часова ўключылі ў склад экспедыцыі і той пасля экскурсіі па сядзібе аўтара бессмяротнага паланэза Соль мінор заняў месца ў адной з пластмасавых скарлупін. Упэўнены, што на маршруце Залессе-Міхалішкі экскурсія не схібіць і будзе швартавацца там, дзе трэба. Да Міхалішак Сяргей будзе апекавацца вандроўкай. Надалей ёсць ахвотка, ды візы нестае.
Сяргей Глоба
Экспедыцыю ў раёне Залесся здымалі Сяргей Плыткевіч, паненка Litota_ і спадарыня Kroplya і іншыя.
Самы малады ўдзельнік шляху Мацяс, якому бацькі дазволілі праз перакладчыка адказаць на пару пытанняў, сказаў, што абавязкова вернецца сюды яшчэ. Спадабалася вельмі.
Спадар Міхал Міхалевіч, які на “грамадзянцы” працуе доктарам-гігіеністам, найбольш узрушаны адкрытасцю вяскоўцаў, шчырасцю іх характараў. Шкадуе, што таварышы не далі яму ўзяць у аднаго дзядзькі кавалак сала:
- Не апошні ж ён нам прапаноўваў, бегучы за лодкамі. Ад дабрыні душы сваёй хацеў падзяліцца з падарожнікамі. Але паспрабуй не паслухайся каманды “Вяслуй!”.
Літоўцы сур'ёзна займаюцца даследваннем берагоў, занатоўваюць гутаркі з насельнікамі іх. Кніга Тышкевіча "Wlija i jej brzegi", пачатак якой паклала экспедыцыя графа Канстанціна, пастаянна ў працы. Навукоўцы зявяраюць з ёй свой шлях. нейкія ж перамены за 150 гадоў ды адбыліся. На маю думку, граф Канстанцін Тышкевіч у труне пераварочваецца ад тых пераменаў. Адно Вілейскае вадасховішча чаго вартае!
За Залессем планава закончылі свой шлях турысты на вялізнай ладдзі з драконавай галавой на носе (хвост згубілі дарогай).
Экспедыцыя пастаянна мяняе свой склад. Беларуска-літоўскі касцяк застаецца пастаяным, а па шляху то дадаюцца, то адыходзяць часовыя спадарожнікі. У раёне Залесся да экспедыцыі далучыліся смаргонцы.
Буду сачыць за падзеямі далей. Магчыма – на адлегласці. Цыганка наваражыла мне дзве вандровачкі ў іншыя краі.
Пакуль!
(Фота Litota_&Kroplya)
9 чэрвеня. Шарыкі над Горадам. Выпускнікі - 2007 спраўляюць сваё свята.
Аркестр іграе туш. Медалісты атрымліваюць узнагароды. Яшчэ пакуль не абмытыя.
Заўтра - новае жыццё?
Шарыкі пратварыліся ў лёгкія аблокі.
Вілейскае вадасховішча, па меркаванні ўдзельніцы паходу дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея Валянціны Лапко ўрэшце акажуцца самымі цяжкімі – амаль 50 км па ціхай воднай паверхні. З’явіліся і мазалі ад вёслаў. Шчаслівы быў той, хто скарыстаўся ветразямі. Але стаяў амаль штыль.
У Вілейцы ўдзельнікі экспедыцыі пабачылі знакаміты ў наваколлі, апісаны яшчэ 150 год таму Тышкевічам камень “Лысіна Паца”.
Адкрылі мемарыяльны юбілейны знак.
Паслухалі хоры “Любанія” і “кантус”. Абодвума кіруе Анатоль Шагаў.
Наведалі музей.
Увечары – тэатралізаванае прадстаўленне пра Вяллю.
Сачу за падзеямі далей.
Роўна 150 год таму граф Канстанцін Тышкевіч арганізаваў навуковую экспедыцыю, якая праплыла ад Камена да сутокаў Вяллі і Нёмана ў Коўне (Каўнасе). У часе падарожжа ён пабываў ў 295 паселішчах. Апісаў найцікавейшыя прыбярэжныя мясціны, архітэктуру, занатаваў этнаграфічны і фальклорны матэрыял. У 1871 годзе ў Дрэздэне выйшла яго кніга “Вілія і яе берагі” (“Wilija i jej brzegi”).
Каб адправіць членаў экспедыцыі ў Камена з’ехаліся некалькі сотняў чалавек. Школьнікі і настаўнікі з наваколля, госці з радзімы Тышкевіча Лагойска, Барысава, Мінска, Літвы. Аб значнасці гэтага мерапрыемства для абодвух дзяржаў сказаў дарадца пасольства Літвы ў Беларусі Марус Януконіс:
– Гэта акцыя – пачатак добрых мерапрыемстваў, якія літоўцы і беларусы павінны рабіць. Летась, роўна год таму, пачыналася экспедыцыя па Нёману. Сёня стартуе экспедыцыя па Вяллі. Гэта паказвае, колькі мы можам знайсці пунктаў, якія нас звязваюць. Так мы можам пазнаваць свае культуру і гісторыю і мацаваць узаемаразуменне. Я б вельмі хацеў спадзявацца, што гэта ёсць пачатак добрай тэндэнцыі.
Старшыня саюза падарожнікаў Літвы Альгірдас Яцэвічас і кіраўнік беларускай часткі экспедыцыі віляйчанін Міхаіл Петух адкрылі на беразе славутай ракі мемарыяльны камень, на якім пазначана, што менавіта з гэтага месца пачалі свой шлях дзве экпедыцыі: 1857 і 2007 гадоў.
Экспедыцыя, якая пачалася пешкі ля вытокаў Вяллі, працягваецца на вадзе праз Вілейку, Гануту (9 чэрвеня), Залессе (10 чэрвеня), Жодзішкі (13 чэрвеня), Міхалішкі (15 чэрвеня), Быстрыцу (16 чэрвеня) і перасячэ беларуска-літоўскую мяжу. Затым будуць Немянчын (20 чэрвеня), Вільня (22-24 чэрвеня), Кернава (27 чэрвеня). Завершыцца шлях 3 ліпеня у Коўне, дзе Вілія аддае свае воды Нёману.
“Віва Беларусь!” – прагучала з літоўскіх катамаранаў юбілейнай экспедыцыі па слядах графа Канстанціна Тышкевіча і адгукнулася клічам “Жыве Беларусь!” з берага ля вёскі Камена. Міжнародная беларуска-літоўская экспедыцыя будзе доўжыцца амаль месяц, а з улікам пешай яго часткі, нават больш, і пройдзе ад Камена да Коўна.
Вершы, пераважна маладых,сабраліся пад сціплай, але густоўнай вокладкай. Сёння пачаў чытаць. У большасці – знаёмыя з блог-прасторы імёны. Запішу іх у свае сябры. А пакуль – мая згадка пра урну (на 18-й старонцы верш Веры Бурлак “Урна”. І зусім пра іншае. Але між тым).
У далёкія 70-я, калі мы толькі маглі марыць аб чымсці, што нагадвае самы просты электронны ліст... Карацей я быў у будаўнічым атрадзе МРТІ (Мінскі радыётэхнічны інстытут) у вёсцы Быстрыца на Капыльшчыне. Агорвалі прафесію бетоншыка – залівалі падлогу ў свінагадоўчым комплексе (уга – хутка год свінні!), які меўся тут у хуткім часе “запусціцца”. У адзін з выхадных дзён, а можа ў час абеду, не ўспомню цяпер, да нашай сталоўкі пад’ехаў Беларус з прычэпам, поўным чырвоных фанерных скрынак. Ну мала каму дзеля чаго фанера патрэбная. Але калі трактарыст сказаў “байцам” (дарэчы, байцы, хто не ведае, у студатрадах дзяліліся на ўласна байцоў і байцыц), што гэта ўсё для студэнтаў, у тых папаўзлі ўгару бровы:
–???
– Для вас, для вас...
– Як для нас?
– Ну вы урны прасілі? –скрынкі былі ні чым іншым, як урнамі, што і за савецкім часам на выбарах абабівалі чырвоным паркалём.
– Ну, прасілі. А вы што прывезлі?
– Урны.
– Дык мы ж сметніцы прасілі. – Усе хто стаяў, дружна зарагаталі.
Не памятаю, ці пачулі мы за гэтым рогатам гук трактара, які развярнуўшыся, схаваўся за варотамі двара нашага будаўнічага лагера, адвозячы некалькі дзесяткаў чырвоных скрынак.
