Home

Advertisement

Previous Entry | Next Entry


Ірына Згрундо (Згрунда) з Жодзіна піша ў “Рэгіянальнай газеце” пра тое, што ў вёсцы Аляксандраўка Омскай вобласці Расіі жывуць цёзкі па прозвішчы нашых землякоў-віляйчан: Згрунды, Шорацы, Сіўцы, Гілі, Касякі, Сінкевічы, Пяпелкі. Тайна такога супадзення раскрываецца вельмі проста, расказвае спадарыня Ірына:

      “…У канцы ХIХ ст. у выніку спрашчэння расійскага заканадаўства, якое рэгулявала працэс перасялення беларускіх сялян у Сібір і іншыя рэгіёны Расіі, усё актыўней выязджалі малазямельныя і беззямельныя сяляне з родных мясцін у пошуках зямлі і долі. Былі сярод іх і перасяленцы з Вілейскага краю. Ехалі яны вялікімі сем’ямі. Ехалі праз Табольск. Атрымалі накіраванне ў Тарскі ўезд Омскай губерніі (сёння Каласоўскі раён). Там і пасяліліся сваёй “беларускай” вёскай, і тую беларускасць здолелі захаваць і па сённяшні дзень”.

      Вядома, што Шорацы прыехалі з вёскі Іжа, напрыклад, Згрунды са Сцебяракаў. Ці ў Сіўцах, ці ў Сцебяраках, ці яшчэ дзе паблізу жылі Гілі і Касякі.

      Мянушка і прозвішча

      Цікава, а ці прывезлі беларускія перасяленцы за сабой у Аляксандраўку і ў іншыя вёскі Сібіры свае мянушкі? Пераязджалі ж, па сведчанні аўтаркі артыкула, вялікімі сем’ямі. І сусед суседа, мабыць, не перастаў клікаць па мянушцы толькі таму, што месца жыхарства памянялі.

      Мянушкі – цэлы пласт мясцовай і недаследаванай культуры. Без мянушак проста немагчыма было жыць там, дзе шмат цёзкаў па прозвішчы. Паспрабуй у Іжы якога Місюля назваць проста Місюлём! Пра каго ідзе гаворка? Але тут ёсць Місюлькі, Кіберавы, Данілавы – і ўсё гаворка пра людзей з аднолькавым прозвішчам у пашпарце – Місюль. Там дзе прозвішча не можа выканаць функцыю ідэнтыфікацыі, яе пачынае выконваць мянушка. Без мянушак проста немагчыма было жыць там, дзе шмат цёзкаў па прозвішчы.

      Прыехаў з суседніх Каралеўцаў у Іжу чалавек з сям’ёй. Ну і хто там акрамя паштаркі ці канторскай бухгалтаркі ведае, што ён Занкавіч. У Каралеўцах, калі ведаеш, Занкавічы праз аднаго. Вось Дзедушкам і застаўся. І на дзяцей мянушка перадалася. Дзедушкі, Дзедушкавы… Адразу зразумела, пра каго гаворка.

      Мянушкі – сведчанне канфесійнай прыналежнасці

      У спрэс праваслаўнай вёсцы Іжа сустракаем мянушкі Тодаравы, Габрыэлевы і да т.п. Многія іжане сёння і не ведаюць, што сяло да сярэдзіны 19-га стагоддзя, як і большасць сённяшніх праваслаўных паселішчаў нашага краю, былі грэка-каталіцкімі, уніяцкімі. А вось мянушкі праз свой імёнаслоў на гэта не забыліся.

      Мянушка і час. Новатворы

      Паваенны час узбагаціў слоўнік мянушак у Іжы. Да польскага часу Солтысаў, напрыклад, дадаліся Дэпутаты, Гастэлы, Ляснічыя…

      Пётра (брат маёй бабулі Волькі) прыйшоўшы з вайны з партызанаў, нападпітку часам любіў сябе біць у грудзі, прыгаворваючы: "Я герой, я – Гастэла!" Ад таго і пайшла тая мянушка ў дадатак да Пецька Беленькі. І калі ўсе яго браты і сёстры засталіся проста Беленькімі, то Пётра (Пецька) і яго дзеці ад таго часу сталі яшчэ і Гастэламі або (дзеці) Гастэлавымі.

      Пецька Аграномчык. Ну быў, магчыма, аграном Пецька, а накіравалі ў калгас маладога спецыяліста. Трэба неяк адрозніць іх. Вось і нарадзілася новая мянушка.

      На мянушкі ніхто, мабыць, не крыўдуе. Ва ўсякім разе я ў гэта вельмі хачу верыць. Як можна крыўдаваць на прозвішча і імя? Ну, гэта дакладна ў тым выпадку, калі з мянушкай нараджаешся. Вот ёсць у Іжы мянушка Піздзеравы ці Піздзерчыкі. І ўсё тут. Нічога не зробіш, калі твой пра-, пра-прадзед, вярнуўшыся у рэвалюцыйны час са сталіцы Расіі на пытанне: Адкуль ты прыехаў? адказваў: З Піздзера! Дэфект мовы чалавек меў. За тое і перахрысцілі яго ў Піздзера.

      Пра мянушкі самага-самага апошняга часу, якія з’явіліся ў Іжы, не ведаю. Трэба параспытваць у сваякоў. Магу толькі дапусціць, што з’явіліся, напрыклад, свае Прэзідэнты, Чубайсы-Шэйманы, БэНэЭфы (Грыша БэНэЭф), Рыэлтары, Мянты, Рабыні Ізаўры ці Бумеры, Абамы, Качыньскія. Не здзіўлюся, калі назва экзатычнага некалі фрукта, сёння таксама стане мянушкай. Ну, напрыклад, Ганна Авакада, ці Васька Ківі. А як вам Сярожа Ролтан? І зразумела, і на эўрапейскі, як бы мовіць, манер!

      Калі мянушкі збыткоўныя

      Прыехаў па вайне ў Іжу доктар-ветэрынар Уладзімір Мартынавіч Міргалоўскі. За ім – яго брат, таксама ветырынар, Мікалай. Абжыліся, завялі свае сем’і. І засталіся проста Міргалоўскімі. Няма цёзкаў, няма неабходнасці дадатковай ідэнтыфікацыі.

      Параска Ускова і яе сын Іван перабраліся ў Іжу пасля вайны. Усковы былі адны на Іжу. Навошта тут мянушка? Старая Параска памерла. Іван, інвалід ад нараджэння, дзесьці ў багадзельні… Так і пражылі без мянушкі.

      Іжы той ужо няма. Прыезджых, мабыць, больш за карэнных жыхароў. Старыя мянушкі забываюцца. Праўда, з'яўляюцца новыя. Аднаго шкада, што мы ніяк спецыяльна пісьмова не фіксуем гэтыя атрыбуты нефармальных людскіх зносін. Пройдзе час, і большасць з іх проста забудуцца, выцесняцца іншымі, і знікнуць.

      Наша родная (без іроніі) Сібір

      У кантэксце Сцебяракі (Вілейшчына) – Аляксандраўка (Каласоўскі раён). Магчыма там, у Сібіры, акрамя прозвішчаў, людзі захоўваюць памяць і пра тыя вясковыя мянушкі, якія яны за сабой прывезлі? Гэта было б яшчэ адным, недакументальным, сведчаннем повязі. Ці можа хто пра гэта расказаць?

      Звесткі, якія я знайшоў у артыкуле Ірыны Згрунды, падштурхнулі да таго, каб пашукаць іншых землякоў у Аляксандраўцы. Зрабіў вельмі проста. Набраў у Гуглі адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў у Іжы Місюль (прозвішча маёй мамы ў дзявоцтве) па-руску, і слова "Колосовский". И знайшоў не толькі звесткі пра Місюлёў, але і пра іншых, хутчэй за ўсё нашых землякоў, з прозвішчам Селюн (Сялюн). (http://216.239.59.104/search?q=cache:H5Mql1YcnBYJ:www.lib.okno.ru/info/kolos.HTM+%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D1%81%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9+%D0%BC%D0%B8%D1%81%D1%8E%D0%BB%D1%8C&hl=be&ct=clnk&cd=1&gl=by)

      Мяркую, што тэлефонны даведнік Каласоўскага раёна можа расказаць яшчэ больш. Але, на вялікі жаль, графы “Мянушка абанента” там не знойдзеш.

Comments

( 1 comment — Leave a comment )
[info]lizdejka wrote:
Oct. 28th, 2009 08:12 pm (UTC)
мой прадзед меў талент даваць такія трапныя мянушкі, што яны пазаставаліся на пакаленні людзей. Прозвішчаў мала хто ўзгадае, а вось па мянушцы - адразу ведаюць, пра каго гаворка.
( 1 comment — Leave a comment )